“PRINT/SCREEN/PRINT”


15 мая 2014 года ў 16.00 ў Карціннай галерэі Г.Х.Вашчанка (вул. Карповіча, 4) адбудзецца адкрыццё выстаўкі прац студэнтаў Майстэрні шоўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах і Майстэрні лічбавай візуалізацыі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве (Польшча) “PRINT/SCREEN/PRINT”.

“Больш за 10 год таму Акадэмія выяўленчага мастацтва ў Катавіцах была філіялам Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве. Як выпускнік катавіцкага факультэта графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве, я лічу сябе выхаванцам абодвух асяродкаў. Кіруючы дзвюма майстэрнямі, што сёння знаходзяцца ў незалежных адна ад адной навучальных установах, я з сімпатыяй стаўлюся да іх агульнай гісторыі.


PRINT/SCREEN/PRINT – гэта гульня словаў.


"Print screen", ці скрыншот экрана, – зварот, які адносіцца да лічбавага асяроддзя і ілюструе праграмную дзейнасць Майстэрні лічбавай візуалізацыі на Кафедры графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве. Адначасова "screen print", з’яўляючыся англійскай назвай графічнай тэхнікі, у дадзеным выпадку адназначна звязаны з Майстэрняй шоўкаграфіі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах. Мне, як кіраўніку абедзюх майстэрняў, ідэя іх сустрэчы, супастаўлення, падаецца лагічнай і цікавай. Я перакананы, што прэзентаваныя на выставе студэнцкія працы двух розных майстэрняў, з двюх польскіх мастацкіх устаноў вельмі добра дапоўняць адно аднаго і выдатна спалучацца ў адной прасторы. Нягледзячы на тое, што выбраныя да выставы працы не звязаныя агульнай праблематыкай, былі створаны ў розны час многімі аўтарамі і з’яўляюцца разнароднымі, у гэтай прэзентацыі можна ўбачыць цікавы агульны элемент. Гэтым элементам з’яўляецца моладзевая энергія і захопленасць, звязаная з зацікаўленасцю мастацтвам, што характарызуе моладзь, з якой я маю прыемнасць працаваць у абедзвюх школах. Паказаныя на выставе працы павінны ілюстраваць магчымасці разнароднага, нетрадыцыйнага выкарыстання тэхнікі, а таксама пошукі ў дадзеным абшары. Выразны эксперыментальны падыход да графічных тэхнік, як лічбавых, так і аналагавых, каштоўны сам па сабе, што ў дадзеным выпадку з’яўляецца чарговым элементам, які аб’дноўвае абедзве майстэрні. Пераломліванне прынцыпаў, надзвычайная адкрытасць у зносінах са студэнтамі і ўменне вырашэння фармальных і зместавых праблем – гэта вельмі важныя рысы, што характарызуюць таксама двух маладых педагогаў, якія працуюць разам са мной. Кандыдат навук Дарота Новак-Радзіньска і магістр Якуб Скочэк – дзве вельмі цікавыя творчыя асобы, але адначасова два вельмі розныя тэмпераменты – з’яўляюцца абавязковым і, на маю думку, незаменным памостам паміж кіраўніком майстэрні і маладымі будучымі графікамі, якія ў ёй займаюцца..."


праф. Вальдэмар Вэнгжын,
кіраўнік майстэрні шоўкаграфіі мастацкагафакультэта, кафедры графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах; кіраўнік майстэрні лічбавай візуалізацыі факультэта графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве

Выстаўка працягнецца па 8 чэрвеня 2014 г.

183